Лічбы і факты аб жаночым абліччы беларускай культуры сталі цэнтральнай тэмай абмеркавання на сустрэчы кіраўнікоў вядучых творчых саюзаў, мастачак і куратараў галерэй. Эксперты сышліся ў меркаванні, што апошняе дзесяцігоддзе стала пераломным у прызнанні ўкладу жанчын у сусветную культуру. Статыстыка пацвярджае значнасць іх ролі: у Беларусі ў сферы мастацтва занята больш за 42 тысячы чалавек, і амаль 70% з іх – жанчыны, паведамілі ў праграме Навіны «24 гадзіны» на СТБ.
Вольга Папко, дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі: «Я думаю, за жанчынамі будучыня ў любой сферы. У Беларусі крыху больш за 50% жанчын. Я нават прыдумала такі афарызм сама сабе. Сярэднестатыстычны беларус – гэта беларуска. Мы ёсць тая самая сярэднестатыстычная з'ява нашай краіны. І, вядома, голас жанчын больш моцны, больш магутны. Мы больш здольныя выжываць».