14 кастрычніка 2026 года з нагоды Дня маці і Тыдня бацькоўскай любові цыкл кінапаказаў «Магія кінакадра», які праходзіць у зале дакументаў па мастацтве Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, падрыхтаваў публіцы прыемны падарунак - паказ карціны «Маё каханне» (1940) вядомага экраннага твора Уладзіміра Корш-Сабліна, знятага больш за 85 гадоў таму.
Паказ камедыі суправаджаўся выступленнем старшага навуковага супрацоўніка аддзела экранных мастацтваў Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі кандыдата мастацтвазнаўства Марыны Белаокай, якая закранула мноства змястоўных кіназнаўчых пытанняў. Звяртаючыся да фільмаў, знятых у мінулую эпоху, заўсёды цікава даведацца, як іх успрымалі спецыялісты тых гадоў. Так, кіназнаўца адзначыла не проста супярэчлівыя, але і адназначна негатыўныя водгукі аб карціне, апублікаваныя ў 1940-х гг., дзе кінакрытыкі адзначалі празмерную «лакіроўку» рэчаіснасці, умоўнасць, надуманасць і непраўдападобны паказ савецкіх рэалій.
Тэкст і фота з сайта: Нацыянальная бібліятэка Беларусі