Skip to main content Пракрутка зверху
вул. Сурганава, 1, корп. 2, г. Мінск, Рэспубліка Беларусь

Навукова-практычная канферэнцыя "Ружанскі край"

У Ружанах 30 кастрычніка 2026 года адбылася навукова-практычная канферэнцыя «Ружанскі край: этнаграфічная, фальклорная, архітэктурная і мастацкая спадчына рэгіёна».

Арганізатарамі форуму выступілі Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі і Пружанскі райвыканкам. У рабоце канферэнцыі прынялі ўдзел больш за 50 навукоўцаў з Мінска, Брэста і Гродна, а таксама мясцовыя краязнаўцы. Было прадстаўлена 40 навуковых дакладаў.

Пленарнае пасяджэнне прайшло ў Ружанскім палацавым комплексе Сапегаў. З прывітальнымі словамі выступілі дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі доктар мастацтвазнаўства, кандыдат гістарычных навук, дацэнт В. М. Папко, старшыня Пружанскага райвыканкама М. М. Грышкевіч і старшыня Ружанскага сельвыканкама А. У. Юркоўская.

На пленарным пасяджэнні пра ўладанне Ружаны ў канцы XVI ст. з архіваў Л. І. Сапегі расказаў В. Ф. Голубеў, доктар гістарычных навук, прафесар Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Папярэднія вынікі археалагічных даследаванняў 2025–2026 гг. на тэрыторыі Ружанскай рэзідэнцыі Сапегаў прадставілі А. А. Башкоў. В. Ю. Піліповіч. Даклад «Ад героя да вар'ята: Фелікс Філютовіч і яго справа пабудовы царквы ў Бярэзніцы» прачытаў С. У. Грунтоў, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Даклад доктара мастацтвазнаўства, кандыдата гістарычных навук В.М. Папко быў прысвечаны роду Быхаўцоў і Дзяконскіх з маёнтку Магілёўцы. Мастацкай спадчыне царквы Св. Пятра і Паўла ў Ружанах (XVII–XIX ст.), іканастасам і абразам быў прысвечаны даклад Г. А. Флікоп-Світы, кандыдата мастацтвазнаўства. Яўрэйская спадчына Ружан у святле архіўных дакументаў і вусна-гістарычных крыніц стала тэмай выступлення І. В. Соркінай, кандыдата гістарычных навук, дацэнта.

У першай секцыі – «Спадчына Ружан і ваколіц: гісторыя, архітэктура і мастацтва» – разглядаліся пытанні гісторыі, архітэктуры і культуры Ружанаў і наваколля. Другая секцыя была прысвечана спадчыне Ружан і ваколіц, а таксама асобам, якія ўнеслі ўклад у культурнае і духоўнае жыццё рэгіёна. Трэцяя секцыя займалася актуальнымі пытаннямі беларускай этналогіі і гуманітарыстыкі.

Пасля завяршэння працы секцый адбылося падвядзенне вынікаў канферэнцыі, у ходзе якога ўдзельнікі адзначылі шырыню і разнастайнасць прадстаўленых даследаванняў – ад археалогіі, гісторыі і архітэктуры Ружанаў да фальклору, этнаграфіі і сакральнага мастацтва рэгіёна. Асаблівую ўвагу прыцягнулі даклады, прысвечаныя вынікам археалагічных даследаванняў Ружанскай рэзідэнцыі Сапегаў 2025–2026 гг., а таксама вывучэнню лёсаў знакавых асоб, звязаных з краем. Была адзначана важнасць узаемадзеяння прафесійных навукоўцаў, краязнаўцаў і энтузіястаў лакальнай гісторыі для папулярызацыі даследаванняў і паглыблення нашага разумення мінуўшчыны Беларусі. З вялікім энтузіязмам было ўспрынята выданне навуковага зборніка «Ружанскі край: этнаграфічная, фальклорная і мастацкая спадчына рэгіёну», які стаў сапраўдным падарункам ад навукоўцаў жыхарам рэгіёна. Удзельнікі форуму падкрэслівалі важнасць наладжвання супрацоўніцтва паміж акадэмічнымі вучонымі і даследчыкамі ў рэгіёнах. Былі агучаны планы па стварэнні новых сумесных праектаў і ідэі для будучых выданняў, якія, спадзяемся, неўзабаве будуць рэалізаваныя.

belБеларуская мова