5 сакавіка 2026 года на базе Навукова-даследчага музея беларускага мастацтва і культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі адбыўся сумесны лекторый супрацоўнікаў гістарычнага факультэта БДУ і вучоных Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы на тэму «Матэрыяльны і духоўны свет жанчыны ў старажытнабеларускай культуры».
У мерапрыемстве прынялі ўдзел студэнты і выкладчыкі БДУ, навукоўцы-этнолагі, музеолагі, супрацоўнікі Цэнтра. Былі прачытаны даклады дацэнта кафедры этналогіі, музеялогіі і гісторыі мастацтваў гістарычнага факультэта БДУ І.У. Алюнінай «"Жаночая доля" ў вусных апавяданнях жанчын Беларусі (па матэрыялах палявых даследаванняў)» і кандыдата мастацтвазнаўства старшага навуковага супрацоўніка сектара даследаванняў старажытнабеларускай культуры М.М. Віннікавай «Рэгінальныя асаблівасці беларускага традыцыйнага жаночага касцюма».
На мерапрыемстве дэманстраваліся прадметы жаночага адзення і побыту з калекцый лабараторыі музейнай справы гістарычнага факультэта і кафедры этналогіі, музеялогіі і гісторыі мастацтваў БДУ, сабраныя падчас этнаграфічных практык і экспедыцый. Для студэнтаў была арганізавана экскурсія па экспазіцыі Навукова-даследчага музея, якую правялі дырэктар музея Б.А. Лазука і старшы навуковы супрацоўнік М.М. Віннікава.
Падзея дазволіла азнаёміцца з багаццем музейных фондаў абедзвюх устаноў-удзельніц, вынікамі навуковых даследаванняў іх супрацоўнікаў у галіне аховы культурнай спадчыны, музеялогіі, этнаграфіі. Студэнты маглі непасрэдна пагутарыць з вядучымі па гэтай праблематыцы спецыялістамі краіны, задаць пытанні, пазнаёміцца з унікальнымі экспанатамі. Праведзены лекторый можа папоўніць склад эфектыўных форм узаемадзеяння навукі і вышэйшай адукацыі.
Культурна-адукацыйнае мерапрыемства прайшло ў межах праграмы Года беларускай жанчыны.