Skip to main content Пракрутка зверху
вул. Сурганава, 1, корп. 2, г. Мінск, Рэспубліка Беларусь

"Школа актыўнага грамадзяніна"

25 студзеня ва ўстановах адукацыі Мінска праводзіліся мерапрыемствы ў рамках інфармацыйна-адукацыйнага праекта «ШАГ» – «Школа актыўнага грамадзяніна». З лекцыяй на тэму "Радзіма мая Беларусь у асобах. Славутыя імёны ў навуцы і адукацыі» па запрашэнні адміністрацыі ДУА "Гімназія з беларускай мовай навучання № 23 г. Мінска" перад навучэнцамі 8-11 класаў выступіла Мароз Валянціна Канстанцінаўна, галоўны навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі беларускай мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа ДНУ "Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі".

На сустрэчы ў форме дыялогу адбыўся абмен думкамі аб тым, што ляжыць у аснове патрыятычнай пазіцыі грамадзяніна. Увага аўдыторыі была засяроджана на 54-м артыкуле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, дзе зберажэнне гісторыка-культурнай, духоўнай спадчыны і іншых нацыянальных каштоўнасцей, таксама як і захаванне гістарычнай памяці аб гераічным мінулым беларускага народа, патрыятызм з'яўляюцца абавязкам кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Лагічным працягам размовы прагучалі выказаныя мастацкім словам праграмных твораў беларускай літаратуры аргументы, што ў аснове патрыятызму – любоў да ўсяго роднага. І што менавіта мова кожнага народа выступае найважнейшым сродкам адданасці сваёй радзіме. Таму змястоўным напаўненнем лекцыі з'явілася інфармацыя аб знакамітых імёнах у беларускай мовазнаўчай навуцы і адукацыі.

З багатай навуковай спадчыны беларускай філалогіі былі вылучаны дзве асобы: члена-карэспандэнта НАН Беларусі Аляксандра Мікалаевіча Булыкі і прафесара Фёдара Міхайлавіча Янкоўскага. Дакладчыца патлумачыла, што пра іх будзе казаць як пра сваіх настаўнікаў. У Фёдара Янкоўскага была студэнткай, затым пад яго кіраўніцтвам паспяхова абараніла кандыдацкую дысертацыю «Фразеалогія беларускіх летапісаў». Аляксандр Булыка выступаў навуковым кансультантам пры напісанні доктарскай дысертацыі "Мова беларускіх летапісаў у кантэксце фарміравання беларускай літаратурнай мовы старажытнага перыяду»; зараз яны працуюць разам у аддзеле гісторыі беларускай мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа.

Вялікі ўклад Аляксандра Мікалаевіча Булыкі ў стварэнні "Гістарычнага слоўніка беларускай мовы", унікальнага ў сваім родзе шматтомнага выдання, аналагаў якому няма на ўсёй еўрапейска-славянскай прасторы. Самую высокую ацэнку атрымалі яго навуковыя працы, прысвечаныя пытанням фарміравання слоўнікавага складу беларускай мовы. Ён усебакова даследуе лексічныя запазычанні, вывучае іх семантыку, этымалогію, словаўтваральныя магчымасці, спосабы фанетычнай, марфалагічнай і семантычнай адаптацыі.

Фёдар Міхайлавіч Янкоўскі - адзін з заснавальнікаў беларускай фразеалогіі і фразеаграфіі. Пачатая ім паўстагоддзя таму фразеалагічная справа дала добры плён, за гэты час сфарміравалася беларуская фразеалагічныя школа. Дзякуючы намаганням вучонага і яго вучняў беларуская фразеалогія дасягнула значных поспехаў. Праца Фёдара Міхайлавіча высока ацэненая і на радзіме, і ў замежным друку. Народны пісьменнік Беларусі Янка Брыль пісаў, што ў бібліятэцы кожнага, хто разумее значэнне народнага слова, яго «гаючы ўплыў на наша мастацкае і маральнае здароўе ў цэлым», стаяць кнігі гэтага беларускага навукоўца, што «такі здабытак не сорамна ад імя Беларусі пакласці на міжнародны стол».

У беларускай лінгвістыцы працы абодвух навукоўцаў характарызуюцца глыбінёй даследавання такіх навуковых напрамкаў, як гісторыя беларускай мовы, беларуская дыялекталогія, гістарычная лексікалогія і гістарычная граматыка беларускай мовы, культура маўлення. Аляксандр Мікалаевіч Булыка і Фёдар Міхайлавіч Янкоўскі вядомыя таксама і як таленавітыя арганізатары навукі, мудрыя настаўнікі і кіраўнікі навуковых калектываў.

belБеларуская мова