Skip to main content Пракрутка зверху
вул. Сурганава, 1, корп. 2, г. Мінск, Рэспубліка Беларусь

Анонс круглага стала «Беларускае мастацтвазнаўства»

21 мая 2026 года адбудзецца круглы стол «Беларускае мастацтвазнаўства: гісторыя і сучасны стан. Да 100-гадовага юбілею Л.Н. Дробава (1926-2002)».

У 2026 годзе спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння Леаніда Ніканоравіча Дробава – доктара мастацтвазнаўства, прафесара, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1996), ветэрана Вялікай Айчыннай вайны. Трыццаць восем гадоў Леанід Ніканоравіч аддаў працы ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі: узначальваў аддзел выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы. Свае навуковыя даследаванні Л.Н. Дробаў прысвяціў беларускаму выяўленчаму мастацтву XIX-XX стст., выяўленню агульных тэндэнцый яго развіцця, пытанням станаўлення асобных стыляў і жанраў, выбітным мастакам. Кожная з напісаных ім кніг, сярод якіх «Беларускія мастакі ХІХ ст.» (1971), «Живопись Белоруссии ХIХ – начала ХХ в.» (1974), «Живопись Советской Белоруссии (1917 – 1975)» (1979) і многія іншыя, станавілася падзеяй не толькі для навукоўцаў, але і для шырокага кола прыхільнікаў беларускага мастацтва. Л.Н. Дробаў быў навуковым кіраўніком аўтарскага калектыву і аўтарам шэрагу раздзелаў шасцітомнай «Гісторыі беларускага мастацтва» (1987-1994), падрыхтаванай у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы. З 1970 па 2002 г. Л.Н. Дробаў узначальваў навуковую школу «История изобразительного и декоративно-прикладного искусства» Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы.

Круглы стол дасць магчымасць як успомніць і глыбей асэнсаваць уклад Леаніда Ніканоравіча Дробава ў айчынную навуку, так і абмеркаваць сучасны стан беларускага мастацтвазнаўства, яго асноўныя дасягненні, перспектывы развіцця ў ХХІ стагоддзі. Актуальнасць праблем, якія плануецца разгледзець падчас круглага стала, абумоўлена неабходнасцю вызначэння ролі гуманітарных навук у цэлым і мастацтвазнаўства ў прыватнасці ў сучасным інфармацыйным грамадстве, патрэбай сістэматызаваць і навукова асэнсаваць доўгі шлях, пройдзены беларускім мастацтвазнаўствам у яго гістарычным развіцці.

Праблемна-тэматычнае поле круглага стала:

  • Шляхі развіцця беларускага мастацтвазнаўства: асобы, працы, лёсы
  • Сучасны стан айчыннага мастацтвазнаўства: тэндэнцыі, праблемы, перспектывы развіцця
  • Роля і значэнне навуковай дзейнасці Л.Н. Дробава ў развіцці беларускага мастацтвазнаўства
  • Нацыянальная акадэмія навук Беларусі як цэнтр падрыхтоўкі новай генерацыі беларускіх мастацтвазнаўцаў

У рамках круглага стала прагучаць даклады беларускіх мастацтвазнаўцаў – супрацоўнікаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, а таксама вядучых устаноў культуры і адукацыі нашай краіны.

Круглы стол пройдзе па адрасе: г. Мінск, вул. Сурганава, 1, к. 2, каб. 302, пачатак у 11.00.

Кантакты: m2702917@yandex.by

belБеларуская мова