30 чэрвеня 2026 года ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛіМ) адбылася творчая сустрэча з вядомым паэтам і празаікам, заслужаным работнікам культуры Рэспублікі Беларусь Навумам Гальпяровічам. Тэмай гутаркі стала кніга пісьменніка "Чырвоны мост" (2025).
У мерапрыемстве прынялі ўдзел студэнты гістарычнага і філалагічнага факультэтаў БДУ, выкладчыкі, лінгвісты, пісьменнікі, а таксама дзеячы культуры і мастацтва. Перад аўдыторыяй выступілі землякі, калегі і сябры Навума Якаўлевіча.
Дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі І.Л. Капылоў звярнуў увагу на мастацкія асаблівасці кнігі "Чырвоны мост", падкрэсліў важнасць твора ў выхаванні і духоўным умацаванні беларускага грамадства.
Старшы навуковы супрацоўнік аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Ю.В.Пацюпа адзначыў стылістычныя асаблівасці ўсёй творчасці Н.Я. Гальпяровіча, зрабіў акцэнт на лірызме яго паэтычных і празаічных твораў, звярнуў увагу на пачуццё светлай сузіральнасці, што працінае кнігу "Чырвоны мост".
Тэкст і фота з сайта: Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва