З 7 сакавіка па 14 красавіка 2024 года ў Ашмянскім краязнаўчым музеі імя Францішка Багушэвіча праходзіць выстава акварэляў і графічных работ Аляксандра Іванавіча Лакоткі, архітэктара, доктара архітэктуры, доктара гістарычных навук, прафесара, акадэміка, заслужанага дзеяча навукі Рэспублікі Беларусь, лаўрэата прэміі "За духоўнае адраджэнне", дырэктара Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, “Сусвет пад назвай Беларусь”.
А.І. Лакотка займаецца жывапісам і графікай больш за пяцьдзясят гадоў, са студэнцкіх часоў. Працаваў у галіне рэстаўрацыі помнікаў беларускай архітэктуры, ствараў Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, вёў шматгадовыя навуковыя даследаванні ў галіне аховы нацыянальнай гісторыка-культурнай спадчыны, развіцця айчыннай культуры і мастацтваў. Аўтар кніг, альбомаў і шматлікіх артыкулаў па гэтай праблематыцы.
На выставе прадстаўлены работы аўтара апошніх гадоў, якія адлюстроўваюць яркі, маляўнічы каларыт прыроды, абшараў беларускай зямлі пад высокім мірным небам. Тут адлюстравана не толькі колеравая, але таксама і эмацыйная дынаміка пейзажу, аблокі, парывы ветру, сакавітыя колеру, далі, прасёлачныя дарогі, блакітныя вочы азёр.
Квітнеючая Беларусь ... Утульна ва ўлонні прыроды глядзяцца двары і вуліцы традыцыйнай вёскі, старога мястэчка, асененыя дабравестам царкоўных купалаў.
Графічныя работы прысвечаны Беларускаму дзяржаўнаму музею народнай архітэктуры і побыту, над стварэннем якога аўтар працаваў шмат гадоў. Тут свежыя замалёўкі ўзораў народна-традыцыйнага дойлідства Міншчыны (Цэнтральны рэгіён), Паазер'я, Падняпроўя.
У працы раскрыты пачуццё маштабу, прапорцый, фактуры старога дрэва, пранікнёна захаваныя народнымі дойлідамі ў старадаўніх цэрквах, дварах і сядзібах, ветраных млынах і іншых будынках, ўто спрадвеку фарміруюць асяроддзе пражывання селяніна-хлебадара.