8 студзеня 2026 года ў зале дакументаў па мастацтве Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі з аншлагам адкрыўся новы сезон цыкла кінапаказаў «Магія кінакадра», у рамках якога аматары кіно паглядзелі адну з паспяховых экранізацый спадчыны Антона Чэхава – камедыю «Мядзведзь» (1938), знятую рэжысёрам Ісідарам Аненскім на кінастудыі «Белдзяржкіно» па аднайменным чэхаўскім вадэвілі.
Зразумець кінамову карціны дапамагла гледачам Марына Белаокая, старшы навуковы супрацоўнік аддзела экранных мастацтваў Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, кандыдат мастацтвазнаўства. Марына Аляксандраўна прадставіла змястоўны агляд экранізацый твораў рускай і беларускай літаратуры ў гісторыі айчыннага кінамастацтва, сярод якіх нямала прыкладаў паспяховых рэжысёрскіх увасабленняў. Кіназнаўца акцэнтавала ўвагу на вартых да прагляду экранізацыях твораў Чэхава, расказала аб стварэнні фільма «Мядзведзь» і аб выканаўцах галоўных роляў, Міхаілу Жараву і Вользе Андроўскай.
Тэкст і фота з сайта: Нацыянальная бібліятэка Беларусі