Да канферэнцыі «Прастора мовы: міжмоўныя і міжкультурныя ўзаемасувязі (да 90-годдзя Г.А. Цыхуна)», якую 5-6 лістапада 2026 года праводзіў Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, далучыліся айчынныя даследчыкі, а таксама іх калегі з Расіі, Аўстрыі, Германіі, Польшчы, Францыі, Славакіі.
Як адзначыў дырэктар Інстытута Ігар Капылоў, канферэнцыя дазваляе асэнсаваць пройдзены шлях, падзяліцца навукоўцам тым, што зроблена, і намеціць далейшыя напрамкі. Асаблівае геаграфічнае становішча Беларусі на скрыжаванні розных культур уплывала на фарміраванне дзяржаўнасці і моўнага асяродку, што адлюстравана і ў сістэме гаворак, у тапаніміі і антрапаніміі, і, натуральна, у літаратурнай мове. Такія пытанні былі ўзняты на канферэнцыі. Таксама навукоўцы дзяліліся вынікамі сваіх даследаванняў, якія дазваляюць разумець заканамернасці развіцця і функцыянавання моў, іх узаемны ўплыў, вызначаць агульныя і індывідуальныя рысы.
У Інстытуце мовазнаўства памятаюць славутых калег, што стварылі мовазнаўчыя школы і чые справы працягваюць развіваць ужо новыя пакаленні даследчыкаў. Канферэнцыя была прысвечана доктару філалагічных навук Генадзю Цыхуну, суаўтару і рэдактару шматтомнага «Этымалагічнага слоўніка беларускай мовы», даследчыку, які зрабіў вялікі ўнёсак у развіццё беларускага і славістычнага мовазнаўства. У рамках канферэнцыі прайшла прэзентацыя зборніка выбраных прац вучонага.
Тэкст з сайта: Сеткавае выданне zviazda.by