12 лістапада 2026 года ў Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі адбылася Міжнародная навуковая канферэнцыя “Музей і час: актуальныя праблемы музейнай дзейнасці”, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння Вольгі Васільеўны Церашчатавай – мастацтвазнаўцы і збіральніка помнікаў беларускай культуры, якая стаяла каля вытокаў стварэння акадэмічнага музея пры аддзеле старажытнабеларускай культуры.
Канферэнцыя стала першым навуковым мерапрыемствам Цэнтра, цалкам прысвечаным пытанням музейнай дзейнасці, і сабрала навуковых даследчыкаў і музейных супрацоўнікаў з розных месцаў Беларусі, а таксама спецыялістаў з Расійскай Федэрацыі.
Прадстаўленыя даклады тычыліся ролі асобы ў стварэнні музейных збораў, асвятлялі пытанні фарміравання і выкарыстання музейных калекцый, у першую чаргу як базы для навуковых даследаванняў, а таксама розныя аспекты сучаснай музейнай практыкі ў Беларусі.
На пленарным пасяджэнні прагучалі даклады доктара мастацтвазнаўства Вольгі Дзмітрыеўны Бажэнавай і доктара гістарычных навук Аляксандра Аляксандравіча Гужалоўскага – выкладчыкаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, даклад навуковага супрацоўніка Расійскага этнаграфічанага музея Валянціны Уладзіміраўны Гаўрышынай, выступілі дырэктар і супрацоўнікі Цэнтра – доктар мастацтвазнаўства, кандыдат гістарычных навук Вольга Мікалаеўна Папко, кандыдат мастацтвазнаўства Марыя Мікалаеўна Віннікава і Мікалай Пятровіч Мельнікаў.
Быў паказаны дакументальны фільм “Мастацтва нашых продкаў” 1979 г. аб пачатку дзейнасці акадэмічнага музея з каментарыямі загадчыка аддзела дакументалістыкі Фёдара Пятровіча Лысенкі.
Падчас канферэнцыі адбылося ўрачыстае адкрыццё выстаўкі “Берагіні Беларусі. Да юбілея Вольгі Васільеўны Церашчатавай” у рамках Года беларускай жанчыны. Выстаўка дала магчымасць пазнаёміцца з архіўнымі фотаздымкамі і палявымі дзённікамі экспедыцый Вольгі Васільеўны, сабранымі пад яе кіраўніцтвам творамі беларускага рэлігійнага жывапісу і народнай культуры, а таксама прадметамі з яе малой радзімы – Лоеўшчыны. Лейтматывам экспазіцыі сталі вобраз і роля жанчыны ў сакральных творах і традыцыйнай культуры. Падчас адкрыцця прагучалі цёплыя словы ад гасцей і супрацоўнікаў Цэнтра аб Вользе Васільеўне і яе паслядоўніках на ніве музейнай працы.