30 мая 2026 года прайшла лекцыя, прысвечаная кнізе казак у апрацоўцы Юрыя Віктаравіча Пацюпы, кандыдата філалагічных навук, старшага навуковага супрацоўніка аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.
Мерапрыемства праводзілася ў рамках праекта "Навуковыя суботы", арганізаванага Музеем гісторыі горада Мінска і Цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.
Сустрэча прысвечана кнізе "Ішоў Бай па сцяне...". Мерапрыемства вёў Анатоль Віктаравіч Трафімчык, загадчык аддзела ўзаемасувязей літаратур Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.
Гэтае выданне па праве лічыцца ўнікальным, паколькі падобныя кнігі даўно не выдаваліся. У сферы перапрацоўкі народных казак працавалі такія аўтары, як Якуб Колас, Алесь Якімовіч, Міхась Клімковіч, Хрысціна Лялько, Уладзімір Ягоўдзік і іншыя.
Аўтар кнігі, Юры Пацюпа, расказаў аб працэсе апрацоўкі народных казак, іх класіфікацыі і цяжкасцях, з якімі сутыкнуўся ў працэсе працы. У выкананні аўтара прагучалі казкі "Салодкае каралеўства "і "Як курачка купляла грабеньчык”. Ігар Чарноў, аспірант кафедры тэатральнага мастацтва Цэнтра, прачытаў казкі "Як дзед дажджу прасіў" і "Воўчае мяса". Напрыканцы сустрэчы Ю.В. Пацюпа адказаў на шматлікія пытанні гледачоў, таксама прайшла аўтограф-сесія аўтара.