15 лютага адсвяткавалі Грамніцы, свята ў гонар унясення Ісуса Хрыста ў храм праз сорак дзён пасля яго нараджэння і сустрэчы з праведнікам Сімяонам.
Кажуць, што ад гэтага свята год паварочваецца на вясну, а саму назву Стрэчанне народ патлумачыў як сустрэчу зімы з летам. Галоўны атрыбут свята - грамнічная свечка як увасабленне жывога, набеснага агню - і сёння выкарыстоўваецца ў розных крытычных сітуацыях.
Стрэчанне ў Новым Палессі Лельчыцкага раёна адметнае тым, што праз усю вёску правозяць упрыгожаную жывую ялінку. І дзяўчынка, якая яе вязе, і зеляніна елкі разам з яркімі кветкамі ўпісваюцца ў абрадавае набліжэнне вясны і пачатак новага земляробчага года.
Супрацоўнікі аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Т.В. Валодзіна і В.І. Трубач прынялі ўдзел у святкаванні, запісалі мноства новых падрабязнасцяў. Запісанае папоўніць калекцыю фальклорных запісаў ІМЭФ.