Skip to main content Пракрутка зверху
вул. Сурганава, 1, корп. 2, г. Мінск, Рэспубліка Беларусь

Прэс-рэліз Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Навуковая спадчына Я.Тышкевіча (да 210-годдзя з дня нараджэння)»

Прэс-рэліз Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Навуковая спадчына Я.Тышкевіча (да 210-годдзя з дня нараджэння)»
18 красавіка 2024 года спаўняецца 210 гадоў з дня нараджэння Яўстафія Тышкевіча – гісторыка, этнографа, археолага, краязнаўцы, калекцыянера, стваральніка Віленскай археалагічнай камісіі, аднаго з пачынальнікаў музейнай справы ў Беларусі. Наш выдатны зямляк з'яўляўся членам шматлікіх навуковых таварыстваў: Імператарскай Акадэміі навук у Санкт-Пецярбургу, Дацкага каралеўскага таварыства аматараў паўночных старажытнасцей, Стакгольмскай каралеўскай акадэміі мастацтваў і старажытнасцей Лонданскага археалагічнага інстытута.
 
З мэтай увекавечання памяці вядомага вучонага, а таксама актуалізацыі яго навуковай спадчыны, абмеркавання сучасных праблем этналогіі, фалькларыстыкі, археалогіі Цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Лагойскім раённым выканаўчым камітэтам у супрацоўніцтве з Лагойскім гісторыка-краязнаўчым музеем імя Канстанціна і Яўстафія Тышкевічаў і Рэспубліканскім цэнтрам нацыянальных культур 18 красавіка 2024 года будзе праведзена Міжнародная навуковая канферэнцыя "Навуковая спадчына Я. Тышкевіча (да 210-годдзя з дня яго нараджэння)".
 
У канферэнцыі прымуць удзел навукоўцы з Беларусі, Расіі і Кітая. Будзе прадстаўлена больш за 40 дакладаў. Высокі тэарэтычны ўзровень мерапрыемства забяспечаць яго ўдзельнікі – прадстаўнікі акадэмічнай навукі, выкладчыкі вышэйшай школы, у ліку якіх 10 дактароў і 16 кандыдатаў навук.
 
Сярод тэм канферэнцыі – навуковая спадчына Я.Тышкевіча; тэарэтычныя аспекты і праблемы развіцця этналагічнай навукі; праблемы і перспектывы ўзаемадзеяння этналогіі і сумежных дысцыплін (археалогія, фалькларыстыка, музеязнаўства, краязнаўства); беларуская культура ў этнаграфічных зборах музеяў Беларусі і замежжа; сучасныя этнакультурныя працэсы.
 
Культурная праграма канферэнцыі ўключае экскурсію па гістарычных мясцінах Лагойска, наведванне экспазіцыі гісторыка-краязнаўчага музея імя Канстанціна і Яўстафія Тышкевічаў, батлеечны спектакль, кніжную прэзентацыю.
Правядзенне канферэнцыі на Лагойшчыне – рэгіёне Беларусі з багатым гістарычным мінулым, які вылучаецца асаблівымі традыцыямі матэрыяльнай і духоўнай культуры, – дазволіць звярнуць увагу на станоўчы вопыт захавання культурнай спадчыны, важны для выхавання патрыятызму, павагі да роднага краю, развіцця супрацоўніцтва паміж вучонымі, работнікамі культуры, педагогамі.
belБеларуская мова