8 чэрвеня 2026 года ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбудзецца прэзентацыя кнігі А.Л. Капілава ««Белорусское музыкально-исполнительское искусство конца XIX – начала ХХ века» (пачатак у 15.00; адрас: г. Мінск, вул. Сурганава, д. 15).
У дзяржаўнай навуковай установе «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» апублікавана манаграфія старшага навуковага супрацоўніка аддзела музычнага мастацтва і этнамузыкалогіі кандыдата мастацтвазнаўства, дацэнта Аляксандра Львовіча Капілава «Белорусское музыкально-исполнительское искусство конца XIX – начала ХХ века». Выданне ажыццёўлена па выніках выканання навукова-даследчай работы «Новыя традыцыі акадэмічнай музыкі і актуальныя з'явы песеннага фальклору: тыпалогія, вытокі, нацыянальная спецыфіка (мяжа XХ – XXI стст.)» дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў «Грамадства і гуманітарная бяспека беларускай дзяржавы» на 2021-2025 гады.
Кніга прысвечана малавядомым старонкам гісторыі музычнай культуры Беларусі канца XIX - пачатку ХХ стагоддзя. Адсутнасць да цяперашняга часу паўнавартасных навуковых ведаў аб музычным жыцці беларускіх гарадоў у названы перыяд спрыяла фарміраванню скажонага ўяўлення пра яго як аб бедным і правінцыяльным па характары. Раскрываючы гістарычную значнасць беларускага канцэртна-выканальніцкага мастацтва мяжы XIX - ХХ стст. у развіцці нацыянальнай культуры, аўтар запаўняе істотны прабел у беларускім музыказнаўстве і культуралогіі.
На аснове вялікай колькасці разнастайных крыніц той эпохі (публікацый у перыядычным друку, рукапісаў, афіцыйных дакументаў з архіваў Мінска, Гродна, Масквы, Санкт-Пецярбурга, Вільнюса і інш.) адноўлена панарама найважнейшых музычна-культурных падзей, сярод якіх канцэртныя выступленні салістаў (вакальнае, фартэпіяннае, струнна-смычковае, духавое, народна-інструментальнае выканальніцтва), ансамбляў (дуэты, трыа, квартэты), аркестраў, харавых калектываў (царкоўных і свецкіх), пастаноўкі прафесійных і аматарскіх музычных тэатраў, гастролі замежных артыстаў сусветнага ўзроўню.
У выданні прадстаўлена галерэя творчых партрэтаў таленавітых беларускіх музыкантаў: віяланчэліста С. Буткевіча, піяністаў І. Венгеравай, Ж. Нарбут-Грышкевіч, вакалістаў Г. Жарабцовай, А. Мейчык, С. Мігая, П. Цясевіча, У. Шушліна і інш., чыя паспяховая канцэртная дзейнасць на роднай зямлі і па-за яе межамі мела вялікі грамадскі рэзананс, стварала яркае аблічча айчыннага мастацтва за мяжой, уносіла істотны ўклад у агульнаеўрапейскі і сусветны музычна-мастацкі працэс.
Ілюстрацыі, значная частка якіх публікуецца ўпершыню, даюць магчымасць атрымаць больш поўнае ўражанне пра эпоху і асоб, у творчасці якіх персаніфікаваўся гэты гістарычны этап развіцця айчыннага музычнага выканальніцтва.