11 верасня 2026 г. у 10.00 у вялікай канферэнц-зале Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (пр. Незалежнасці, 66, 2 паверх, пачатак рэгістрацыі ў 9.30) пачне працу I Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Культурная спадчына Беларусі і турызм: міждысцыплінарныя аспекты даследавання». Яе арганізатарамі з'яўляюцца Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, дзяржаўная навуковая ўстанова «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі».
У лік актуальных задач сучаснай гуманітарыстыкі, поруч з вывучэннем і захаваннем культурнай спадчыны Беларусі, уваходзіць яе папулярызацыя. Турыстычная сфера ў гэтых адносінах валодае бязмежным патэнцыялам. Навуковаму абгрунтаванню яе далейшага развіцця, вырашэнню задач па пашырэнні пераліку цікавых турыстычных мясцін нашай краіны могуць служыць мастацтвазнаўчыя, этналагічныя, фалькларыстычныя і філалагічныя даследаванні, што праводзяцца зараз. Канферэнцыя прысвечана абмеркаванню праблем і перспектыў вывучэння культурнай спадчыны Беларусі, сучасных метадаў даследавання і інавацыйных стратэгій рэпрэзентацыі яе аб'ектаў.
Сярод удзельнікаў канферэнцыі – дактары і кандыдаты навук у галіне мастацтвазнаўства, гісторыі, філалогіі, сацыялогіі, культуралогіі, сельскай гаспадаркі, маладыя даследчыкі, якія прадстаўляюць Рэспубліку Беларусь, Расійскую Федэрацыю, Кітайскую Народную Рэспубліку. Плануюцца выступленні вучоных з Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі, Расійскай акадэміі народнай гаспадаркі і дзяржаўнай службы пры Прэзідэнце Расійскай Федэрацыі, Бранскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя акадэміка І.Г. Пятроўскага, Омскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.М. Дастаеўскага, філіяла Расійскага дзяржаўнага інстытута сцэнічных мастацтваў у г. Кемерава «Сібірская Вышэйшая школа музычнага і тэатральнага мастацтва», Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна, Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі.
Сувязь навукі з практыкай падкрэслівае ўдзел у канферэнцыі прадстаўнікоў арганізацый у сферы турызму, рэстаўрацыі і музейнай справы: Цэнтра па рэгенерацыі гісторыка-культурных ландшафтаў і тэрыторый, Музея гісторыі горада Мінска, Музея Марка Шагала ў Віцебску, Жлобінскага гісторыка-краязнаўчага музейнага комплексу, Музея традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер'я, тураператараў «Школа падарожжаў», ТАА «Зубр-тур».
Запрашаем усіх ахвотных прыняць удзел у працы I Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Rультурная спадчына Беларусі і турызм: міждысцыплінарныя аспекты даследавання».