У Інстытуце літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы І літаратуры НАН Беларусі 6 лютага адбыўся круглы стол-выстава, прысвечаны 110-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі, перакладчыка, сцэнарыста Аркадзя Куляшова.
Прагучала прывітальнае слова ад дырэктара Інстытута доктара філалагічных навук І.В. Саверчанкі, у якім была падкрэслена значнасць творчага здабытку Аркадзя Куляшова. Увага ўдзельнікаў круглага стала была накіравана на наступныя пытанні: творчая індывідуальнасць і выклікі часу; паэт і вайна: жанравая разнастайнасць куляшоўскага радка ў часы ВАВ; эксперымент і традыцыя як этапы творчай эвалюцыі; аўтабіяграфічнасць і касмізм (вытокі аўтарскага стылю).
Мадэратар сустрэчы - загадчык аддзела тэорыі і гісторыі літаратуры доктар філалагічных навук Г.М. Кісліцына ў сваім дакладзе асвятліла тэму перакладчыцкай дзейнасці Аркадзя Куляшова і яго сучаснікаў.
Прагучалі выступленні: Т.С. Голуб “Жыццё і творчасць Аркадзя Куляшова”, Я.А. Гарадніцкага “Лірыка і эпіка ў іх узаемадзеянні”, Г.А. Манкевіч «Матыў вернасці сяброўству ў цыкле вершаў “Маналог”», Г.Ю. Новік “Вобраз часу ў лірыцы Аркадзя Куляшова”, І.М. Шаладонава “Творца і творчасць у філасофскай лірыцы Куляшова”, А.М. Лапаты-Загорскага “Творчая спадчына А. Куляшова як універсальны феномен”, Ж.С. Шаладонавай “Аркадзь Куляшоў як паэт-пейзажыст”.
У рамках мерапрыемства была падрыхтавана выстава, дзе былі прадстаўлены кнігі арыгінальных твораў паэта (у тым ліку раннія), іх пераклады на мовы свету, здабытак Аркадзя Куляшова-перакладчыка, а таксама літаратурна-крытычныя і літаратуразнаўчыя матэрыялы.